Нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Сула Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У 1982 годзе скончыў радыёфізічны факультэт, у 1995 годзе — юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Працаваў інжынерам-канструктарам у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (1982—1990). У 1989 г. быў абраны народным дэпутатам СССР па тэрытарыяльнай акрузе ў г. Мінску. Працаваў у Камітэце па прамысловасці (1989—1991), затым намеснікам Старшыні Камітэта па правах і свабодах чалавека (1991).
На Першым З’ездзе Народных дэпутатаў СССР увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы — першай дэмакратычнай парламенцкай апазіцыі ў СССР. Працаваў разам з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Анатолем Сабчаком, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам.
У 1992 г. — заснавальнік Незалежнага Інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД). 1992—1994 — Выканаўчы дырэктар, 1994—1995 — навуковы супрацоўнік НІСЭПД.
У 1990 г. быў адным з ініцыятараў стварэння Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (АДПБ) — першай зарэгістраванай у Беларусі апазіцыйнай палітычнай партыі. 1991—1995 — старшыня АДПБ. У 1995 г. адбылося аб’яднанне АДПБ з Грамадзянскай партыяй — была створаная Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП). Абраны намеснікам Старшыні АГП. У гэтым самым годзе адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет, АГП стварыла ў парламенце фракцыю «Грамадзянскае дзеянне». Абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, узначаліў падкамісію па СМІ. У 1996 г. быў прадстаўніком групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў Канстытуцыйным Судзе па справе імпічменту прэзідэнта Лукашэнкі.
З 1996 г. працаваў у АГП, з 2006 г. – у грамадскім сектары. У 2001 г. пад час прэзідэнцкіх выбараў быў намеснікам кіраўніка выбарчага Штаба Адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка, у 2006 — намеснікам кіраўніка Штаба Адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча.
У 2020 годзе прыняў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, з 1 ліпеня 2020 г. – дарадца Святланы Ціханоўскай па палітычных пытаннях. У жніўні 2020 г. увайшоў у Каардынацыйную Раду. Сябра Грамадскай канстытуцыйнай камісіі.
Галасуйце за #ЕўрапейскіВыбар!