Еўрапейскі выбар - гэта кааліцыя лідэраў меркаванняў, палітыкаў і актывістаў, аб'яднаных агульнай мэтай інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую прастору.
Мы выступаем за нацыянальнае адраджэнне і развіццё, падтрымліваем курс на рэформы, неабходныя для дасягнення ў Беларусі еўрапейскіх стандартаў і еўрапейскага ўзроўню жыцця.
Даведацца большВыбарчага спісу “Еўрапейскі выбар” у Каардынацыйнай радзе
Ініцыяваць праграмы падтрымкі Беларусі ў Еўрапейскім саюзе, умацаваць дыпламатычны дыялог і кантакты на ўзроўні інстытутаў і парламентаў для паглыблення еўрапейскай інтэграцыі, замацаваць еўрапейскі выбар Беларусі ў палітыка-прававых дакументах ЕС.
Актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы, абмеркаванні і прыняцці праграм рэформ, накіраваных на пабудову ў Беларусі прававой дзяржавы і эфектыўнай эканомікі, якія адпавядаюць еўрапейскім стандартам.
Выкарыстоўваць свой патэнцыял і магчымасці для падтрымкі грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій і/ці прымалі ўдзел у абароне Украіны ад расійскай агрэсіі, дамагацца вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных, дапамагаць тым, хто выйшаў на волю і ветэранам баявых дзеянняў.
Ініцыяваць культурныя праграмы для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці і праграмы навучання для дэмакратычнай Беларусі ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі і найлепшымі практыкамі; стварэнне пляцоўкі для вырашэння пытанняў і праблем беларускага студэнцтва ў краіне і за яе межамі, паляпшэнне ўмоў для беларускіх студэнтаў за мяжой.
Садзейнічаць павелічэнню мабільнасці грамадзян Беларусі ў Еўропе, каб беларусы маглі свабодна перамяшчацца, вучыцца і працаваць у Еўропе, садзейнічаючы такім чынам паглыбленню ўзаемаразумення і культурнага абмену паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі.
Садзейнічаць празрыстасці працэсаў прыняцця рашэнняў у рамках Каардынацыйнай рады, публічнага абмеркавання і зацвярджэння важных для грамадства рашэнняў, рэгулярнай справаздачнасці.
Садзейнічаць каардынацыі і супрацоўніцтву паміж рознымі групамі дэмакратычных сіл на шляху пераходу Беларусі ад аўтарытарызму да дэмакратыі.
Выкарыстоўваць платформу Каардынацыйнай рады для прыцягнення ўвагі да актуальных для беларусаў праблем і пошуку шляхоў іх вырашэння.
Мы выступаем за канструктыўнае супрацоўніцтва з Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, дэмакратычнымі палітычнымі партыямі, з усімі арганізацыямі, якія выступаюць за незалежнасць Беларусі, дэмакратычныя перамены і еўрапейскі выбар.